Серыя кібератак і дыверсій у Польшчы можа сведчыць пра падрыхтоўку ўзброенага нападу на краіну. Пра гэта заявіў начальнік польскага Генштаба генерал Веслаў Кукула, перадае Rzeczpospolita.
— Праціўнік пачаў падрыхтоўку да вайны. Ён стварае тут пэўную абстаноўку, закліканую забяспечыць спрыяльныя ўмовы для патэнцыйнай агрэсіі на тэрыторыі Польшчы, — заявіў Веслаў Кукула, маючы на ўвазе нядаўнюю серыю кібератак і дыверсій у краіне.
Ён агучыў меркаванне, што Польшча заўсёды знаходзіцца ў «перадваенным» стане, уключаючы эпоху халоднай вайны. І заклікаў да эфектыўнай «палітыкі стрымлівання», якая ў значнай меры заснаваная на абаронных магчымасцях краіны, а таксама на свядомасці і гатоўнасці грамадзян.
Каментуючы нядаўнюю дыверсію на чыгунцы на ўчастку Варшава — Люблін, дзе выбух пашкодзіў рэйкі, генерал заявіў, што гэта прыклад гібрыднай вайны.
— Калі нехта ўдзельнічаў у рэальных ваенных дзеяннях, ён разумее, што тое, што мы назіраем сёння, — гэта не вайна ў класічным разуменні, гэта перадваенны стан або тое, што называюць гібрыднай вайной, — сказаў ён.
Кіраўнік польскага Генштаба ўдакладніў, што канчатковую ацэнку таму, што здарылася, дасць міністр унутраных справаў і адміністрацыі, але прыкметы дыверсіі ўжо відавочныя.
Кукула падкрэсліў, што, ладзячы дыверсіі і кібератакі, праціўнік спрабуе падарваць давер да дзяржавы і дэмаралізаваць насельніцтва, аднак Польшча мае поўны спектр мер для сіметрычнага і асіметрычнага адказу на пагрозы.
— Гэта пытанне прыняцця рашэння, якія меры выкарыстоўваць і калі, — сказаў генерал.
Нагадаем, на чыгуначнай лініі Варшава — Люблін ля пасёлка Міка ўвечары 15 лістапада адбыўся акт дыверсіі: выбуховае прыстасаванне здэтанавала і разбурыла чыгуначнае палатно.
«Эксперты адназначна пацвердзілі падрыў», — паведаміў кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі, адзначыўшы, што гэта магла быць не адзінкавая дыверсія.
Гэтая чыгуначная лінія злучае Варшаву і Жэшаў — галоўны лагістычны хаб, праз які заходняя зброя паступае ва Украіну.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра скліканне 18 лістапада надзвычайнага паседжання Камітэта нацыянальнай бяспекі ў сувязі з дыверсіяй. У ім возьмуць удзел кіраўнікі спецслужбаў, арміі і прадстаўнік прэзідэнта краіны.




