Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Дзеля ўзвядзення гэтага вялізнага помніка ў цэнтры Мінска ліквідавалі ўнікальны будынак, ён прастаяў дзевяць гадоў — і быў знесены ўпотай за адну ноч. Праўда, атрымалася гэта не адразу: у ход ішлі і танкавыя цягачы, і сталёвыя тросы таўшчынёй з руку, але гусеніцы толькі драпалі брук, а калос на бронзавых нагах трымаўся моцна. Урэшце яго ўсё ж змаглі разгайдаць і паваліць, пасля чаго плошча была ачышчаная ад усіх слядоў металічнага «правадыра». Гаворка ідзе, вядома, пра помнік Іосіфу Сталіну на Кастрычніцкай плошчы — тады яна называлася Цэнтральнай. Ён быў знесены 3 лістапада 1961-га — роўна 64 гады таму.

Прапаноўвалі вышынны дом, абмежаваліся помнікам

У людзей, якія ведалі Мінск да сярэдзіны ХХ стагоддзя, тэрыторыя цяперашняй Кастрычніцкай плошчы ў першую чаргу асацыявалася з манастырскім комплексам ордэна дамініканцаў. Узвядзенне драўляных будынкаў пачалося ў 1605-м, праз дзесяць гадоў іх знішчыў пажар, таму да 1640 года касцёл адбудавалі ўжо з каменя. Яго асвяцілі ў гонар Тамаша Аквінскага, філосафа і прапаведніка. Будаўніцтва манастыра завяршылася пазней, у 1703-м.

Касцёл стаяў на рагу сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса. Ён меў 12 алтароў і лічыўся самым вялікім храмам горада, уражваў падарожнікаў багаццем інтэр'еру і арганнай музыкай. Аднак у Другую сусветную храм быў сур’ёзна пашкоджаны. У 1945 годзе БССР нават атрымала за гэта кантрыбуцыю ад Германіі. У канцы 1940-х была праведзеная першасная кансервацыя будынка.

Костел Фомы (Томаша) Аквинского на углу современных улиц Энгельса и Интернациональной. Вид со стороны улицы Энгельса. Фото: minsk-old-new.com
Касцёл Тамаша Аквінскага на рагу сучасных вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай. Від з боку вуліцы Энгельса. Фота: minsk-old-new.com

Але ўжо тады над касцёлам навісла пагроза: улады пачалі працаваць над варыянтамі перабудовы Цэнтральнай плошчы. Сустракаецца згадка пра планы будаўніцтва вышыннага дома. Напрыклад, краязнаўца Хрыстафор Хількевіч адзначаў, што абмяркоўваўся праект, падобны да Палаца культуры і навукі ў Варшаве і Акадэміі навук у Рызе. Іх будаўніцтва было пачатае акурат у 1952 годзе, польскі будынак («падарунак ад Сталіна») быў скончаны ў 1955-м, латвійскі — у 1959-м. Аднак ад ідэі будаўніцтва мінскага гмаху з невядомых прычын адмовіліся, замест гэтага вырашылі ўзвесці помнік самому Іосіфу Сталіну — тагачаснаму савецкаму дыктатару.

Згадка пра гэта сустракаецца ўжо ў 1948 годзе. Пры гэтым прадугледжваўся знос будынка былога царкоўна-гістарычнага музея (цяпер там, па адрасе праспект Незалежнасці, 4, размяшчаецца Інстытут тэалогіі БДУ імя святых Мяфодзія і Кірыла). Тады ідэі не рэалізавалі, але ў 1950 годзе кіраўніцтва БССР усё ж зацвердзіла новы генеральны план Цэнтральнай плошчы. Паводле яго, у яе цэнтры ўзводзіўся помнік Сталіну. Будынак былога музея захоўваўся, а вось на месцы манастырскага комплексу збіраліся разбіць сквер.

Строительство памятника Сталину на Центральной (теперь Октябрьская) площади Минска. 1952 год. Фото опубликовано в книге Ивана Сацукевича «Минск: от руин к процветанию», TUT.BY
Будаўніцтва помніка Сталіну на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкая) плошчы Мінска. 1952 г. Фота апублікаванае ў кнізе Івана Сацукевіча «Мінск: ад руін да росквіту», TUT.BY

Ініцыятыва ішла менавіта ад беларускіх уладаў — яны нават прасілі Маскву прыбраць касцёл са спісу ахоўванай культурнай спадчыны, каб яго можна было знесці. У тым жа 1950 годзе гэты жахлівы план выканалі — будынак старадаўняга храма знішчылі. Цяпер можна было прыступаць да ўзвядзення помніка.

Аднаму — галаву, іншаму — ногі

Над манументам працавалі чатыры скульптары — Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў і Сяргей Селіханаў (пазней яны паўдзельнічаюць у працы над стэлай на плошчы Перамогі — кожны створыць па гарэльефе на чатырох гранях абеліска, які будзе адкрыты ў 1954 годзе). У кожнага быў свой «участак» Сталіна: пасля ўзгаднення агульнага эскіза Азгур узяўся за галаву і плечы, Бембель — за ногі і ніжнюю частку, а Глебаў і Селіханаў працавалі над корпусам. Агульная вышыня помніка разам з пастаментам складала 10 метраў.

Памятник Сталину в Минске во весь рост. Внизу его авторы: Андрей Бембель, Алексей Глебов, Заир Азгур, Сергей Селиханов. Фото: личный архив Татьяны Бембель, TUT.BY
Помнік Сталіну ў Мінску на ўвесь рост. Унізе яго аўтары: Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Заір Азгур, Сяргей Селіханаў. Фота: асабісты архіў Таццяны Бембель, TUT.BY

Спачатку мадэль помніка вылепілі з гліны і паставілі ў цэху аднаго з машынабудаўнічых прадпрыемстваў Мінска на круткай платформе. Скульптарам далі чыгуначную платформу, якая хадзіла па заводскай вузкакалейцы. Па ёй і ездзіла туды-сюды чацвёрка творцаў, каб ацаніць, ці ўсё ў парадку з сілуэтам ці пазіцыяй рук.

Потым помнік адлілі ў бронзе і паставілі на Цэнтральнай плошчы. Яго вага склала 40 тон. Падмурак з асабліва трывалага жалезабетону ішоў на 6−7 метраў углыб плошчы, а ўмураваныя ў яго рэйкі былі ўстаўленыя ў ногі бронзавага Сталіна. Пастамент быў аперазаны беларускім нацыянальным арнаментам — такім самым, як на дзяржаўным сцягу БССР і сцягу Беларусі, уведзеным у 1995-м замест бел-чырвона-белага.

Урачыстае адкрыццё прайшло 21 верасня 1952 года ў прысутнасці велізарнай колькасці народа і было прымеркаванае да ХХ з’езду Кампартыі Беларусі. Дамы вакол плошчы ўпрыгожылі сцягамі, партрэтамі Леніна і Сталіна, чальцоў Палітбюро (найвышэйшага калектыўнага органа камуністаў) і Цэнтральнага камітэта партыі. Мітынг адкрыў кіраўнік Мінскага абкама партыі Кірыл Мазураў (праз чатыры гады ён стане кіраўніком БССР). За ім выступіў тагачасны лідар рэспублікі Мікалай Патолічаў. Кіраўнік Мінскага гаркама партыі Іван Варвашэня заявіў, што галоўная вуліца горада — Савецкая — пераймяноўваецца ў Сталінскі праспект.

Незадолго до открытия памятника Сталину в Минске - монумент накрыт белой тканью. Фото из архива семьи скульптора Алексея Глебова, TUT.BY
Незадоўга да адкрыцця помніка Сталіну ў Мінску — манумент накрыты белай тканінай. Фота з архіва сям'і скульптара Аляксея Глебава, TUT.BY

Да таго традыцыйныя для СССР парады праходзілі на плошчы Леніна (цяпер — Незалежнасці). З адкрыццём манумента Сталіну яны перамясціліся на Цэнтральную. Насупраць, у Аляксандраўскім скверы, фасадам на праспект была пабудаваная трыбуна для чыноўнікаў, якая захавалася да гэтага часу.

Гутаркі з духам Леніна

Не прайшло і паўгода са з’яўлення помніка, як 5 сакавіка 1953 года Іосіф Сталін памёр. Новае кіраўніцтва адразу спыніла масавыя рэпрэсіі і пачало асцярожны дэмантаж папярэдняй палітыкі. Аднак да рашучых крокаў дайшло не адразу. 25 лютага 1956-га, на XX з’ездзе КПСС, кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам пра выкрыццё культу асобы Сталіна. У чымсьці абмежаваны, няпоўны, з ускладаннем адказнасці на дыктатара, а не на створаны ім рэжым, гэты даклад тым не менш стаў наймагутнейшым ударам па сталінізме і крокам да рэабілітацыі нявінна асуджаных.

Открытие памятника Сталину в Минске. 1952 год. Фото из архива семьи Алексея Глебова, TUT.BY
Адкрыццё помніка Сталіну ў Мінску. 1952 г. Фота з архіва сям'і Аляксея Глебава, TUT.BY

Гэты даклад у СССР афіцыйна апублікавалі толькі ў 1989 годзе. Аднак ужо неўзабаве пасля выступу Хрушчова, 28 сакавіка 1956-га, у газеце «Праўда» з’явіўся артыкул пра тое, чаму культ асобы чужы духу марксізму-ленінізму. 29 сакавіка яго перадрукавалі і найбуйнейшыя беларускія выданні. У тым самым годзе газету «Сталинская молодежь» перайменавалі ў «Знамя юности». Праўда, на гэтым працэс дэсталінізацыі спыніўся. З 1957 года Хрушчоў амаль не згадваў памерлага тырана. Яго цела па-ранейшаму знаходзілася ў маўзалеі разам з Уладзімірам Леніным, а яго імя нават далі гораду Сталінграду (цяпер Валгаград). Помнік экс-правадыру далей стаяў у Мінску.

Нечакана і зноў з ініцыятывы Хрушчова крытыка Сталіна аднавілася на XXII з’ездзе КПСС. Вішанькай на торце стала выступленне кіраўніка Ленінградскага абкама партыі Івана Спірыдонава, якое прагучала 30 кастрычніка 1961-га, пасля заключнай прамовы Хрушчова. Чыноўнік прапанаваў вынесці цела Сталіна з маўзалея, і яго падтрымалі. Не абышлося без умяшання «містыкі». Уладзімір Ленін, як вядома, памёр яшчэ ў 1924 годзе, але партыя вельмі любіла казаць пра тое, як захоўвае «ленінскі дух», — і тут атрымалася літаральна:

«Я заўсёды ў сэрцы нашу [Уладзіміра] Ільіча, і заўсёды, таварышы, у самыя цяжкія хвіліны, толькі таму і выжыла, што ў мяне ў сэрцы быў Ільіч і я з ім раілася, як быць. [Апладысменты.] Учора я раілася з Ільічом, нібыта ён перада мной як жывы стаяў і сказаў: мне непрыемна быць побач са Сталіным, які столькі няшчасцяў прынёс партыі», — заявіла ветэран партыі Дора Лазуркіна, якая прайшла ГУЛАГ.

Пасля такога аргумента было складана запярэчыць. У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада, закрыўшы Красную плошчу ад наведнікаў, цела Сталіна вынеслі з Маўзалея і перапахавалі ля Крамлёўскай сцяны.

Панихида по Иосифу Сталину в Минске. 1953 год. На изображении - памятник Сталину. Фото из архива Андрея Скуратовича, TUT.BY
Паніхіда па Іосіфу Сталіну ў Мінску. 1953 г. На выяве — помнік Сталіну. Фота з архіва Андрэя Скуратовіча, TUT.BY

Пасля гэтага па ўсім Саюзе пачалі пазбаўляцца ад назваў і саміх аб’ектаў, звязаных са Сталіным. Мінск не мог застацца ўбаку.

Ноч на даху і вус, які адваліўся

2 лістапада 1961 года Цэнтральную плошчу ачапілі па перыметры. «Мы — Альберт [Елсукоў], Валодзя [Клакоцкі] і я — выйшлі пасля лекцый у золкую восеньскую ноч. І праз паўтары сотні метраў натыкнуліся на свінцова-шэры жаўнерскі ланцуг. „Праходзьце, праходзьце, няма чаго тут затрымлівацца“, — прамовіў афіцэр. Мы нешта паспрабавалі спытаць. Ён настойліва махнуў рукой у бок ад схаванай за дрэвамі гарадскога сквера плошчы, где пульсавалі нейкія блакітна-бэзавыя ўсполахі», — успамінаў у сваёй кнізе журналіст Сяргей Ваганаў.

Каля двухсот чалавек тады сачылі за тым, што адбываецца, са сквера перад Домам афіцэраў і суседніх двароў. Ваганаву ж і яго сябрам удалося назіраць за падзеяй усю ноч.

«Нейкім неймаверным шляхам, каторы я больш ніколі не здолеў бы паўтарыць, праз скразныя пад’езды і падваротні мы абмінулі непрыступны ланцуг і, крадучыся, прабраліся ў цёмны двор дома, які выходзіў вуглавым фасадам на плошчу, дзе стаяў помнік Сталіну. Чапляючыся за вільготныя, апякаюча слізкія прыступкі пажарнай лесвіцы — абы не глядзець уніз — мы ўскараскаліся на дах і амаль паўзком, каб не скаціцца па слізкім жалезе, дабраліся да невысокай агароджы на самым краі. Мы прасядзелі там, абняўшыся, у дрыжыках усю ноч. Дзіўна, але я не запомніў нейкія асаблівыя падрабязнасці таго, што адбывалася на плошчы. Толькі цягачы, мяхі з пяском, тросы, аўтаген, пражэктар… Да світання застаўся толькі высокі пастамент, упрыгожаны па чырванаватым з пражылкамі мармуры беларускім арнаментам», — успамінаў ён.

Памятник Иосифу Сталину на Центральной (теперь Октябрьской) площади Минска. Фото: Эрих Лессинг, CC BY-SA 4.0, ru.wikipedia.org
Помнік Іосіфу Сталіну на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы Мінска. Фота: Эрых Лесінг, CC BY-SA 4.0, ru.wikipedia.org

Праца сапраўды заняла ўсю ноч. Спачатку помнік спрабавалі паваліць, зачапіўшы сталёвым тросам таўшчынёй з руку. Але два танкавыя цягачы не далі рады: гусеніцы толькі драпалі брук плошчы, а манумент нават не пахіснуўся. Толькі пасля шматразовых спробаў Сталіна ўсё ж удалося разгайдаць і паваліць. Відавочцы расказвалі, што падчас падзення ў правадыра адваліўся адзін вус і гузік памерам з каналізацыйны люк. Пасля гэтага ўзяліся за пастамент — падарвалі і вывезлі па кавалках.

Удзень 3 лістапада месца, дзе стаяў помнік, абнеслі глухой агароджай. Адтуль да 7 лістапада чуліся, паводле ўспамінаў Ваганава, «глухія выбухі і шалёны дроб адбойных малаткоў і перфаратараў — у помніка аказаўся вельмі глыбокі трывалы падмурак».

У беларускіх газетах пра знос помніка нічога не паведамілі. Затое ўжо 3 лістапада там можна было прачытаць, што Сталінскі праспект пераймяноўваецца ў Ленінскі (цяпер гэта праспект Незалежнасці), Сталінскі раён — у Заводскі, Варашылаўскі (Клімент Варашылаў быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў дыктатара) — у Савецкі. Гэтыя назвы захаваліся дагэтуль.

Андрей Бембель, Алексей Глебов, Заир Азгур и Сергей Селиханов на фоне памятника. Фото: личный архив Татьяны Бембель, TUT.BY
Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Заір Азгур і Сяргей Селіханаў на фоне помніка. Фота: асабісты архіў Таццяны Бембель, TUT.BY

7 лістапада на плошчы прайшлі вайсковы парад і дэманстрацыя ў гонар Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. На той час там не засталося і следу ад дыктатара, які «столькі няшчасцяў прынёс партыі», — і галоўнае для камуністаў свята нічым не было азмрочанае.

Што адбылося з помнікам? «Адны кажуць, што яго забралі на радзіму грузіны, паводле іншай версіі, яго закапалі дзесьці пад Мінскам у пясчаным кар’еры. І ёсць фантастычны варыянт, што яго закапалі ў радыяцыйным магільніку ў Соснах. Але хутчэй за ўсё помнік адправілі на пераплаўку. Бо збудаванне з бронзы важыла каля 40 тон. У Савецкім Саюзе такія аб’екты без справы не валяліся. Кажуць, што апошні раз помнік бачылі, калі яго везлі ў бок Трактарнага завода», — расказваў экскурсавод Сцяпан Лютых.

Знішчэнне помніка было хоць нейкім трыумфам справядлівасці: ахвярамі сталінскіх рэпрэсій 1920−1950-х гадоў сталі, паводле розных ацэнак, ад 600 тысяч да 1,6 млн жыхароў Беларусі. Але вось дамініканскі касцёл, знішчаны ў тым ліку дзеля гэтага манумента, ніхто так і не аднавіў. Зрэшты, нават сёння вярнуць яго абсалютна рэальна — храм можна адбудаваць на яго гістарычным месцы за гмахам Палаца Рэспублікі.

Чытайце таксама